Павел Соловьёв   
Обо мне Стихи Переводы Публикации Гостевая

Пераклады вершаў Лейба Найдуса на беларускую мову.

Аўтар: гарадзенскі яўрэйскі паэт Лейб Найдус (1890-1928), пісаў на ідыш.

Іспаніі

О, краіна легендарна, і крывава, і гітарна!
Вочы-поўначныя хмары, гаснуць-блякнуць,
        прагнуць марна
Пагуляць ў таварыстве з бляскам сталі
        на кінжале,
Што, як срэбная піранья, ўсплёскам
        скочыць, хутка ўджаліць,
Правіца скіруе спраўна.

Месяц ноч асветліць, зменіць - на калені!
        Да Мадонны –
Малітоўна, манатонна,
        Ды й да Бога, як дадому...
Спяць і дрэвы і святыні, ўсе падоўжваюцца цені.
Ўсадзяць вісусы у грудзі
        лёзы вострыя таемна –
Без сумневаў, падсвядома.

А пад кронамі ў алеі – архідэі, тыя ж феі.
Ёсць прайдохі-прахіндзеі? У полымя аўта-да-фе іх!
Грукат кастаньет – прынада;
        млявасць гуку серэнады,
І крадзецца Тарквемады люты цень
        ўздоўж балюстрады –
Падпільноўвае трафеі.
Край палаючых рубінаў і суровых капуцынаў!
Разумовасць падмяняў ты
        мігаценнем таямніц.
Шчодра спырснуты крывёю той кінжал,
        што ў грудзі цэліў –
Лепш старонкам кроў пасуе – льецца з раны так духмяна, –
Чым струмень зялёнай пены,
        абрамленне для званіц.


Да майго народа

Дбай і пільнуй!
Часам спакусаў, нягодаў парою
ў рукі вазьмі заржавелую зброю:
Вочы заплюшчваць не варта герою.
Дбай і пільнуй!

Будзь як скала!
Той, хто няшчасце сваё разумее –
Выстаяць можа, схіліцца ня ўмее.
Хай небяспека шуміць, як завея –
Будзь як скала!

Скарб захавай!
Будзь, гаспадар, захавальнікам хаты,
Спадчыну ў куфар, за моцныя краты,
Ды, як пярліну, ад ворагаў клятых
Скарб захавай!

Не, не прасі!
Годнасць пад небам, а не ў сутарэнні.
Боль тваю душу прыцісне каменнем,
Ты не прасі ні ў каго суцяшэння,
Не, не прасі!

Вер ў сваю моц!
Цела тваё змардавана быць можа –
Вера у будучыню дапаможа,
Час надыйдзе твой, і ты пераможаш,
Вер ў сваю моц!


Serenade Melancolique

Змрок упаў на зелень лісця,
Фіялетавы, імглісты,
Гук заблытаўся ў галлі.
Шчасце побач, нібы ў раі,
Хтось у гэтай цішы грае
Serenade Melancolique.

Чуеш гэты гук цудоўны,
На дрыжанне струн падобны?
Ўсё цішэй, нібы праз шкло,
Мілагучны голас скрыпкі,
І плыве па садзе зыбка
Зораў цьмянае святло.

Пах нарцысаў, цёплы вечар,
Вуснаў з вуснамі сустрэча, –
Мы адныя на Зямлі,
Будзем разам, будзем побач...
Напаўняе гукам поўнач
Serenade Melancolique.


Пераклады вершаў Кшыштафа Шатраўскага на беларускую мову, зробленыя Таццянай i Паўлам Салаўёвымi.

Аўтар: Кшыштаф Шатраўскi (Krzysztof Dariusz Szatrawski, нарадзіўся 1 верасня 1961 года) – паэт, эсэіст, культуролаг, літаратурны і музычны крытык. Прафесар ўніверсітэта Варміі і Мазур у Ольштыне, з'яўляецца членам Асацыяцыі польскіх пісьменнікаў – прэзідэнтам філіяла Ольштын, культурнай супольнасці "Borussia", асацыяцыі габрэйскай культуры B`Jachad і Камітэта па культуры Вармінска-Мазурскай Асацыяцыі Навукоўцаў.

Вядомы перакладамі паэзіі: ангельскай – Уолта Ўітмэна, Томасa Стернзa Элiотa, Алена Гiнзберга, Чарльза Букоўскі, нямецкай – Арно Хольца, яўрэйскай – Іегуды Аміхая, і рускай: Максіміліяна Валошына, Барыса Бартфельда, Вадзіма Месяца і Андрэя Каровіна. Таксама перакладаў песні Тома Уэйтса.

Выдаў 8 зборнiкаў вершаў свайго аўтарства.
Прапануемыя 10 перакладзеных вершаў паходзяць з трох апошнiх зборнiкаў:
Piesni milosci i rozstania (Песні кахання і расстання, Ольштын, 1999),
Wiek nowy (Век новы, Ольштын, 2014),
Czas plonacych ogrodow (Час палаючых садоў, Ольштын, 2017).
Вершы Кшыштафа Шатраўскага на беларускую мову дагэтуль не перакладалiся. Надрукаваныя ў часопісе «Літаратура і Мастацтва» N 16 (24 красавіка 2020).

Пралог

Калі яшчэ ёсць нешта
што можна было б азначыць словам «будучыня»
і у празрыстых гранях крышталю ўбачыць
вострыя лiнii крыку
Калі гісторыя – не падручнік
для рознага кшталту школ
а белыя плямы раджаюць пытанні
іх цень запаўзае на сцены дня
Калі самы малы жэст
штосьці значыць
то ўрэшце й неба пад нагамі
адчынiцца з любоўю –
тут усё памірае двойчы
а можа й больш разоў.


Кашуля белая

Паветра – шкло, пазбаўленае формы,
запоўненае крыламі удыхаў
і пралятаючых над гукам самалётаў.
У нейкі час густое,
нерухомае.
Агонь забіты шэптам
гасне.
Белая
на вешалцы гайдаецца кашуля,
як дробязь, неістотная дэталь, але
абшэвак беласць жорсткая –
так шмат ёсць справаў, пра якія маю памятаць
прыгнёт каўнера белы –
так шмат ёсць справаў, пра якія хачу забыцца
ўсе зморшчыны і згіны –
кашуля белая.
Святло таксама свята верыць у гэты колер.


Тэлефон

тэлефон, што званіць
як вада, якую п’ю
блажэнныя ціхія й мёртвыя
бо ім належыць вечнасць
піва скісае, віном становіцца
кіслае гэта віно, як воцат
цi ж не забаўныя змены такія
праўда – як кніга без назвы
як біблія без бога
як сакрэтны нумар майго тэлефону
Бог, імя якога Час
змяняе адрасы і нумары тэлефонаў
робiць будучае мінулым
хлеб чэрствым
а водку вадою, якую п’ю
калі званіць тэлефон


Метафізічныя досведы

пачынаем ад словаў
гучна і ясна
вымаўляем свае імёны
святло, што у цемры свеціць
гэта толькі пустэча між літарамі

часам мы адкладаем маскі
адмысловыя твары людзей, нам невядомых
і адыходзім
каб схавацца ў пустыні без краю
вандраваць нам не трэба далёка
для пачатку нам хопіць
абнесцi мурам любы прамежак душы
узброіць прастору пяшчотным маўчаннем
і, як шмат паэтаў
знайсцi ў разнастайстве адзінства
так паўстаюць буйныя сістэмы
і правілы руху (тут літары аддаляюцца
кружацца і разбіваюцца на скрыжаваннях слоў
ці стаяць у заторах, гудуць, і ты можаш
здзіўляцца адсутнасці сэнсу
калі іх фары і ўказальнікі паваротаў
запальваюцца і гаснуць, гуляючы з логікай
пачуццём рытму і раўнавагі)
колер таксама важны
а прадметы, што надзелены ценем і гукам
чакаюць нашага позірку
ціха за мурам, за ўзгоркам
недзе за лесам

гэта здарылася
няма ўжо пустой прасторы, цi рэха
запаўняе яе шчыльна, ці цемра
яна, як вядома,
дае яшчэ месца нябыту

нябыт мае права існаваць да канца


Два санэты

I

Як хтосьці, хто не ведаў іншых словаў акрамя маўчання,
адварочваюся ад люстра – тут канверт лопаецца.
Высыпаюцца муміі думак, а праз хвiлiну
аркуш iзноў бялюткi – без адрасу ліст.

Толькі цяпер здолее позірк знайсці свой выраз,
хоць, можа, позірк – ілюзія толькi
ці рэпрадукцыя неiснавання,
як той, хто жыве адзіна ў момант смерці.

Распадаюцца ланцужкі бялкоў. Я адлічваю iх,
нібы раптам пажадаў знішчыць сябе нейкім складаным шляхам.
Лаўцы цюленяў робяць гэта адзiным ударам палкі.

Аднак не магу параўнацца з імі, сціскаюцца пальцы няўпэўнена,
але ўдар адбудзецца, хаця б для таго, каб мог убачыць
сонца, затанулае у цемры, што хвастае адусюль.

II

Танцуючы на драўляным мосце, жанчыны гучна
вымаўляюць імёны каханых. Яшчэ маладыя,
іх позірк незнаёмага мужчыны пад сорак
турбуе на хвіліну, якую прыгадаюць гадоў праз 30.

Але Еўропа спіць яшчэ ў няведаннi блажэнным – спазнёная
сіеста грэчаскіх багоў. Не бачна незнаёмца, і магчыма
ізноў лунаць па свеце, створаным для птушак
і не адказваць на незразумелыя пытанні.

Каб толькі Ave адспяваць і ў рытме вальса забыць
пра падарожжа, павукоў і абразы на сценах у маўчанні.
Пад пачарнелым лакам там памёрлі даўнія каханні.
Павольна надыходзіць ноч, і кантынент яшчэ не абудзіўся.

Дзяўчаты узялiся за парэнчы з гладкай драўніны,
ім не чуваць, як маці клічуць іх дадому, як незнаёмец адыходзіць.


Насычэнне

апошнія дні і гадзіны
праплывалi праз нашыя целы
як малако і кроў, як
цёплыя сонца промні
і зараз
калі адляцелі нашыя апошнія удыхі
здолелі мы адпалаць у апошні раз
калі здаецца, што больш нічога
не можа адбыцца
цеплыню адкрываем у сваiм iснаваннi
у сярэдзіне ночы, якая плыве праз нашыя целы
і кожны твой удых гэта мой удых
кожны рух далоняў тваіх
гэта дрыжанне маіх далоняў
словы твае, думкі твае вывучаю
каб нiводнай хвiлiны не страціць дарма
і так назаўжды застаюся
ненасычаны, радасны як шчаня
шчаслівы і ніколі не задаволены
а гадзіны і дні вяртаюцца
і праплываюць праз нашыя целы
быццам што-небудзь
можа яшчэ адбыцца


Прадавец імёнаў

запісваю імёны на пяску
рухаюся крокамі сляпога
аднак бачу далёка і ясна
рынак быццам палае ў сонцы
сцены горада ўзносяцца гордым кардонам
і няхай так будзе заўсёды
няхай паркі квітнеюць шалёна
залюдняюцца вуліцы, а блакітныя трамваі
кацяцца ўздоўж ўзнёслых цяністых алеяў
і яснымi стануць няхай ўсе імёны
і праўдзівымі, добрымi будуць
іх прадаю без прыбытку
можа знойдзе сабе тут імя
тая дзяўчына са смуткам ў вачах
што йдзе па іншаму краю дарогі
няхай прачытае сваё імя хлопец
што глядзіць як цячэ вада
у мяне ёсць імёны з гарантыяй на ўсё жыццё
ёсць танныя на адну ноч і здаецца
запісаў ужо ўсе хоць так шмат
засталося ў забыцці
што не здолею нават вымавіць іх
неба чыстае як позірк анёлаў
хістаецца зелень параненым цмокам
а мая маладосць яшчэ спрабуе змагацца
з апошнімі пераследнікамі аднак нядоўга
нядоўга i iм iснаваць
зараз знiкнуць
зараз
мае павекi апускаюцца ціха як брама
выкаваная з чарнёнай сталі
як дрэва што нахіляецца ў засяроджанні
над пакалечаным камянём
мая бяззубая старасць знаходзіць спакой
паўтарае астатнiя ноты ўсіх літаний
і ўвесь час той самы голас, тыя самыя словы
выпісвае вецер, зацірае паспешныя крокі
як доўга яшчэ


Калі канчаецца час

матылі чорна-белыя крылы складаюць
мы выходзім, пытанне – адказ
ніякіх планаў на вечар
не забудзься пра кветкі
і дай сабаку паесцi, ён не церпіць сядзець ў адзіноце
дзверы, замок
светлая заслона

а цішыня такая над намі, што чуеш, як кропля
сцякае па шклу, і нічога ўжо быць не павінна
больш чым было
і прастора яшчэ велізарней, чым ахапiць могуць птушкі
крыл іх флатэра тоне ў блакіце
нават сумневам
дых захапляе


Аднак бываюць дні

аднак бываюць дні
калі чакаю дарма
і дзверы
калышуцца, хоць нічыя рука
іх не рушыць, зрэшты

нават далонь тая цёплая
і хіба толькі лета
такім бывае гарачым





Все стихи Павла Соловьёва на stihi.ru.





Обо мне Стихи Переводы Публикации Гостевая

© 2010–2023 Павел Соловьёв
За хостинг спасибо Grodno.net